Вялікдзень у Сапоцкіне. 8 красавіка ў гарадскім пасёлку пройдзе свята пісанкі
Сапоцкінскі край здаўна славіўся майстрамі, якія выраблялі і па-асабліваму дэкарыравалі пісанкі. У 2013 годзе мясцовая традыцыя роспісу велікодных яек была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
У гэтыя выхадныя традыцыйнае свята пісанкі разгарнецца ў гарадскім пасёлку. Каля Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра з 14.00 да 17.00 будуць працаваць “Велікодны кірмаш”, забаўляльныя пляцоўкі. На “Вуліцы майстроў” тут пройдуць майстар-класы традыцыйных рамёстваў Гродзенскай вобласці. Падчас святкавання багаццем разнастайных вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці падзеляцца майстры аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Народныя ўмельцы прадэманструюць розныя тэхнікі роспісу і дэкарыравання велікодных яек, у тым ліку і знакамітую сапоцкінскую пісанку.
На працягу ўсяго свята будуць працаваць інтэрактыўная пляцоўка “Святочны арт-дворык” і літаратурная “Велікодная вясёлка”. Гасцям свята прапануюць паўдзельнічаць у дэкарыраванні і афармленні святочнага дрэва яйкамі-сувенірамі, зрабіць фотаздымкі каля тэматычнай фотазоны, пагуляць ў “Велікодныя забавы” на гульнёвай і станцаваць па-даўнейшаму на танцавальнай пляцоўках. Да таго ж каля Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра 8 красавіка можна будзе прайсці занімальны квэст “У госці да пасхальнага кроліка”.
Кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам экскурсіі па музею пісанкі. А ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры калектывы аматарскай творчасці ўстаноў культуры Гродзенскага раёна пацешаць прысутных святочнымі канцэртнымі праграмамі.
Урачыстае адкрыццё свята адбудзецца ў 14.00, канцэрт пачнецца ў 15.00.