4 верасня 2021 года ў горадзе Шчучыне адбудуцца заключныя мерапрыемствы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, у рамках якога будуць вызначаны лепшыя транслятары фальклорнага мастацтва і самыя таленавітыя майстры народнай творчасці з усёй Гродзенскай вобласці.
Традыцыйна на фестывалі будзе працаваць выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці, дзе можна пазнаёміцца з тэхналагічнымі працэсамі такіх відаў традыцыйных рамёстваў, як салома- і лозапляценне, травапляценне, ткацтва, ганчарства, разьба па дрэве, выцінанка і іншыя.
Цікавым і пазнавальным, для дзяцей і дарослых, стане наведванне выставачнага фота-праекта “Фальклорны рух Гродзеншчыны” і выстаўкі-прэзентацыі аўтэнтычных ручнікоў “Ручнік праз усё жыццё”.
Аднак, самым яскравым эпізодам фестывалю стануць канцэртныя выступленні вядучых фальклорных калектываў Гродзенскай вобласці з аўтэнтычнымі і фальклорнымі песнямі, танцамі, музыкай і вуснай народнай творчасцю.
Аматараў танцавальнай традыцыі чакае дзівоснае і бадзёрае танцавальнае спаборніцтва лепшых гуртоў побытавых танцаў Гродзеншчыны “Спадарыня Кадрыля!”, а таксама майстар-класы па навучанні народным парным танцам.
Прыемным момантам фестывалю стануць выступленні Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага калектыву “Гасцінец” (аг. Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці) і Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы” (г.Гродна).